Мядельский районный исполнительный комитет
  • 222397, г. Мядзел, пл. Леніна, 1
  • 8 (01797) 410-02
  • 142 даведачная служба «Адно акно»
кантакты
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30

Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00

Мядзельскі раённы
выканаўчы камітэт

1 June 2026

Міні-турзлёт "Залаты час жыцця"

Сёння ўпершыню на гарадскім возеры ў Клецку прайшло мерапрыемства, якое стала не проста спаборніцтвам і конкурсам, а тым святам, што аб’яднала аднадумцаў, падарыўшы ім мноства ўражанняў, эмоцый, запалу і аптымізму. Першы турыстычны міні-турзлёт прадстаўнікоў старэйшага пакалення сабраў шэсць каманд, якія дзякуючы арганізатарам і ідэйным натхняльнікам мерапрыемства — супрацоўнікам Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Клецкай раённай арганізацыі ветэранаў і савету старэйшын раёна — паказалі свае таленты і вясёла правялі час.

Самыя адказныя прыбылі на месца злёту з самай раніцы, разбілі свае лагеры: усталявалі палаткі, абсталявалі «дворыкі», размясцілі прыгатаваныя стравы для першага конкурсу і пачалі рыхтавацца да пачатку мерапрыемства. Прыемна было бачыць усіх, хто ў сваім паважаным узросце быў гатовы да выпрабаванняў.

На міні-турзлёце сабраліся 6 каманд: «Малочныя берагі» Клецкага філіяла ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат», «Заводскія тытыны» з мехзавода, «Баравікі» з лясгаса, «Надзея» з ЖКГ, «Непаседы» з райвыканкама і «Турысты-аптымісты» — педагогі рэгіёна. Кожная з іх старалася здзівіць гасцей сваімі кулінарнымі і творчымі здольнасцямі ў першым конкурсе, дзе трэба было прадставіць сваю каманду, а таксама абараніць «дворык»: дэвіз, прывітанне, песня пра жанчыну, прэзентацыя стравы. Сапраўдны палёт творчасці і фантазіі разгарнуўся на імправізаванай паляне.

Першай візітоўку прадстаўляла каманда «Малочныя берагі». Для абароны яны выбралі тэму вытворчасці, таму і прэзентацыя, і песня, і ўсе стравы адпавядалі тэматыцы. Галоўны творчы натхняльнік Кацярына Рубанік напісала ўвесь сцэнар выступлення, а каманда запальна выканала песню на матыў «На цеплаходзе музыка іграе». Стравы з тварагу, алею і тварожныя сыркі з задавальненнем дэгуставалі ўсе турысты.

У сваёй візітоўцы «Заводскія тытыны» былі цвёрда настроены на перамогу. Душэўна выканаў беларускую песню пад гітару вядомы ў Клецку бард Алесей Лопата. Каманда творча прэзентавала свой «сняданак турыста».

А вось стол «Баравікоў» быў устаўлены дарамі лесу: стравы з дзічыны і рыбы, грыбы, арэхі, мёд, мёдаўха на травах і бярозавы сок, каша з ляснымі ягадамі. Гэта надало святу асаблівую атмасферу. А гваздом іх прэзентацыі стаў нумар, выкананы Уладзімірам Шаўчыкам да Года беларускай жанчыны, падчас якога мужчыны запрасілі дам на павольны танец.

Піянера-пенсійныя матывы — так у жарт можна ахарактарызаваць прэзентацыю каманды «Турысты-аптымісты», якія здзіўлялі зладжанымі рыфмамі чатырохрадкоўяў. Пад акампанемент акардэона кранальна выканала музычны нумар былы педагог Ніна Кішко.

Аптымізму і дружбы жадалі ў сваёй прэзентацыі турысты з каманды «Надзея». Яе ўдзельнікі, кожны, выкарыстоўваючы музычныя інструменты, падтрымалі акардэаністаў Мікалая Закруту і Аляксандра Бобка.

Каманда былых дзяржаўных служачых за аснову сваёй візітоўкі ўзяла дзіцячы мультфільм «Воўк і сем казлянят», гаварыла пра здаровае харчаванне і актыўнае даўгалецце, танцавала ламбаду, а Мікалай Якубенка выканаў вакальны нумар.

Але сапраўдны азарт ахапіў усіх падчас спартыўных конкурсаў. У выпрабаванні «Схапі кеглю» перамаглі «Турысты-аптымісты». Закінуць у сумку баскетбольны, валейбольны, футбольны, тэнісны мячы, а галоўнае — паветраны шар удалося толькі былым камунальшчыкам. З задачай перадаць абруч, не разрываючы рук, бліскуча справіліся ўсе. У конкурсе капітанаў трэба было з завязанымі вачыма як мага хутчэй сабраць шэсць мячоў. Найбольш спрытнай тут аказалася Марыя Аляксейчык з «Надзеі», якая справілася з заданнем за 4 секунды. У ліку лідараў таксама Аляксандр Арэшку з «Малочных берагоў» — 7 секунд і Вольга Падолянчук з «Баравікоў» — 8 секунд. У жартаўлівай каманднай эстафеце на перадачу мяча перамаглі «Заводскія тытыны». Удзельнікі з запалам спаборнічалі і падтрымлівалі адзін аднаго, ствараючы дружалюбную і вясёлую атмасферу.

Удзельнікі міні-турзлёту паказалі не толькі сваю фізічную падрыхтоўку, але і творчыя здольнасці. Зносіны ў коле калег і аднадумцаў падарылі ім мноства станоўчых эмоцый і зарад бадзёрасці.

Такія мерапрыемствы спрыяюць падтрыманню актыўнага ладу жыцця сярод прадстаўнікоў старэйшага пакалення і ўмацаванню дружалюбных сувязяў паміж камандамі. Тым не менш, былі вызначаны лепшыя з лепшых і проста лепшыя! Першае месца падзялілі педагогі, камунальшчыкі і масладзелы. На другой прыступцы п’едэстала — «Баравікі» з лясгаса. Трэцімі сталі былыя работнікі мехзавода і райвыканкама.

Міні-турзлёт стаў яркім прыкладам таго, як можна весела і з карысцю правесці час, аб’яднаўшыся з аднадумцамі.

Арганізатары ўпэўнены, што падобныя мерапрыемствы стануць традыцыяй у нашым раёне і будуць радаваць удзельнікаў новымі ўражаннямі і эмоцыямі.

Совет Клецкай раённай арганізацыі ветэранаў