17 July 2026
Тэрыторыі чатырох крыніц плануюць добраўпарадкаваць у Мінскай вобласці
Тэрыторыі чатырох крыніц плануюць добраўпарадкаваць у Мінскай вобласці да канца года. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў Мінскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
У Мінскай вобласці працягваецца добраўпарадкаванне тэрыторый крыніц. У мінулым годзе работы на такіх аб'ектах выконваліся ў Дзяржынскім, Нясвіжскім, Уздзенскім, Салігорскім, Чэрвеньскім, Капыльскім раёнах. Праведзена санітарная ачыстка крыніцы і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі ў вёсцы Понача Клецкага раёна.
У рэспубліканскі план мерапрыемстваў па правядзенні Года добраўпарадкавання была ўключана крыніца ў вёсцы Капланцы Бярэзінскага раёна з будаўніцтвам прыступак, альтанкі з купеллю, устаноўкай лавак і насцілаў.
У 2026 годзе абнаўленне закране чатыры крыніцы. З абласнога бюджэту выдзелена каля 80 тыс. рублёў.
«Адзін з такіх аб'ектаў размяшчаецца ў гарадскім парку Лагойска. Крыніца з'яўляецца гідралагічным помнікам прыроды. Таксама добраўпарадкаванне крыніцы запланавана ў Мар'інай Горцы (па вул. Набярэжнай) Пухавіцкага раёна, яшчэ два такія аб'екты знаходзяцца ў Смалявіцкім раёне — паблізу вёсак Кавалеўшчына і Лютка», — расказалі ў камітэце.
Як паведамлялася, Мінскі абласны Савет дэпутатаў вырашыў падтрымаць ініцыятыву грамадзян па добраўпарадкаванні мясцовых крыніц. У 2027 годзе плануюць выдзеліць фінансаванне на праекты дзяржаўна-прыватнага партнёрства, звязаныя з абнаўленнем такіх аб'ектаў, якія ў тым ліку з'яўляюцца месцамі прыцягнення турыстаў.