18 March 2026
У Мінскай вобласці стварылі адну з самых тэхналагічных службаў хуткай дапамогі. Даведаліся, як ратуюць жыцці
На рэспубліканскай нарадзе па выніках работы службы хуткай медыцынскай дапамогі спецыялісты з усіх рэгіёнаў Беларусі абмяняліся досведам і падвялі вынікі года. Прадстаўнікі Мінскага абласнога цэнтра хуткай медыцынскай дапамогі расказалі пра перадавыя рашэнні, укаранёныя ў работу брыгад. Рэгіён не толькі паспяхова выконвае ўсе мэтавыя паказчыкі, але і стварае ўнікальную сістэму, дзе кожная секунда працуе на пацыента.
Ключавая перавага работы хуткай дапамогі ў Мінскай вобласці — поўная лічбавізацыя працэсаў. Як патлумачыла галоўны ўрач Аляксандра Варывоцкая, асноўны прынцып работы сёння — гэта хуткасць на ўсіх этапах.
— У нашай службе самае галоўнае — гэта час. Час рэагавання, час выезду, час прыбыцця, час пачатку аказання дапамогі. Ад кожнай секунды залежыць чалавечае жыццё, — падкрэсліла галоўная ўрач.

Сёння інфармацыя пра выклік паступае брыгадам на лічбавыя планшэты літаральна за секунды. Медыцынская інфармацыйная сістэма дазваляе не толькі імгненна перадаваць даныя, але і весці электронныя карты пацыентаў. Усе звесткі цэнтралізавана накіроўваюцца ў інфармацыйную сістэму аховы здароўя згодна з распараджэннем Прэзідэнта.
Пра работу аператыўнага аддзела і ўнікальную для краіны маршрутызацыю выклікаў расказала намеснік галоўнага ўрача Ганна Барысенкава. У Мінскай вобласці створаны тры пункты для прыёму зваротаў — пасты перадачы выклікаў размешчаны на Маладзечанскай, Барысаўскай і Салігорскай станцыях. Гэта дазваляе раўнамерна размеркаваць нагрузку і апрацоўваць званкі з вялізных тэрыторый.

— У Барысаве і Маладзечне ў нас па 4 пасты, яны прымаюць звароты ад насельніцтва Барысаўскага, Крупскага, Бярэзінскага раёнаў і горада Жодзіна. Маладзечна абслугоўвае Маладзечанскі, Вілейскі, Мядзельскі і Валожынскі раёны. Салігорскі пост курыруе Копыльскі, Клецкі, Нясвіжскі, Слуцкі, Салігорскі і Старадарожскі раёны, — патлумачыла Ганна Барысенкава.
Асобны магутны вузел працуе ў мінскім напрамку, прымаючы выклікі з Мінскага, Дзяржынскага, Уздзенскага, Стоўбцаўскага, Пухавіцкага, Чэрвеньскага і Бярэзінскага раёнаў. Дыспетчары рэєструюць адрас, прозвішча, падставу выкліку і імгненна перадаюць яго брыгадзе, што знаходзіцца бліжэй за ўсё да адраса.

Асобную ўвагу ў сваім выступленні Аляксандра Варывоцкая надала арганізацыі дапамогі пры масавых здарэннях. У Мінскай вобласці выбудавана ясная вертыкаль узаемадзеяння, якая дазваляе даставіць пацыента ў прафільны стацыянар з максімальнай хуткасцю. Побач з аператыўным аддзелам працуе аддзел шпіталізацыі і Цэнтр экстраннай медыцынскай дапамогі.
Пры паступленні званка пра ДТЗ або НС лагістыка руху пацыента прадумваецца з улікам спецыфікі траўмаў і магчымасцяў вядучых міжраённых цэнтраў. Калі транспартаваць цяжкага пацыента ў абласны цэнтр немагчыма, дапамога прыходзіць да яго.

— Мы прадастаўляем аўтамабіль, кансультант з абласной бальніцы накіроўваецца ў цэнтральную раённую бальніцу. Калі пацыента нельга даставіць у МРЦ, яго вязуць у бліжэйшую ўстанову, і туды ж адначасова выязджаюць спецыялісты. Гэта мінімізуе час аказання высокатэхналагічнай дапамогі, — адзначыла кіраўнік Цэнтра.
Аператыўны аддзел Мінскай вобласці абсталяваны па апошнім слове тэхнікі. Як адзначыла Ганна Барысенкава, відесцяна ў аператыўным аддзеле транслюе медыцынскую інфармацыйную сістэму і інтэрактыўную карту з месцазнаходжаннем кожнай брыгады, яе станам і тыпам. Гэта дазваляе кантраляваць работу і вызначаць бліжэйшую свабодную брыгаду да адраса выкліку. Вядзецца відэакантроль структурных падраздзяленняў і відэасувязь з пастамі ў рэгіёнах.
Мінская вобласць стала першым рэгіёнам, дзе ўкаранёна адзіная транкінгавая сетка сувязі, што ахоплівае ўсю тэрыторыю рэгіёна. Гэта дазваляе аптымізаваць перадачу інфармацыі.

— У нас усталявана транкінгавая сувязь паміж Салігорскам, Маладзечнам і Барысавам. Гэта дазваляе арганізаваць «пераліў» выклікаў: калі ў Салігорску перастаюць паступаць званкі, яны аўтаматычна перанакіроўваюцца ў Барысаў або Маладзечна. Гэта падвойны, а то і трайны кантроль, — патлумачыла намеснік галоўнага ўрача.
Акрамя таго, вобласць пайшла далей за іншых, набыўшы партатыўныя радыёстанцыі для кожнага члена брыгады, што дазваляе медыкам заўсёды заставацца на сувязі. Кожная брыгада абсталявана персанальнымі відэрэгістратарамі. Пытанне фізічнай бяспекі супрацоўнікаў таксама прапрацавана: пасля выпадкаў нападу сабак у кожную брыгаду паступілі спецыяльныя адпужвальнікі.

Уніфікаваны і стандартызаваны медыцынскія ўклады, што дазваляе любому работніку хутка адаптавацца пры пераводзе ў іншае падраздзяленне.

Асобна Ганна Барысенкава спынілася на сістэме кантролю якасці запаўнення медыцынскай дакументацыі. У Мінскай вобласці выбудавана шматузроўневая сістэма праверкі электронных карт.
— У нас ёсць магчымасць прагледзець гісторыю выклікаў да пацыента. Рашэнне аб пастаноўцы дыягназу прымае брыгада, але затым карта праходзіць праверку. На працягу двух сутак загадчыкі структурных падраздзяленняў правяраюць кожную карту. Калі трэба карэктаваць, скажам, сярэдняе значэнне ціску, кіраўнік уносіць праўкі. Работнік для гэтага ўжо не патрэбны, — расказала Ганна Барысенкава.
Пры гэтым сама сістэма маніторынгу брыгад працуе ў аўтаматычным рэжыме: даныя пра час прыбыцця, выбытку і транспарціроўкі абнаўляюцца кожную хвіліну праз планшэты. Адзіная праблема, якую яшчэ трэба вырашыць у рамках мадэрнізацыі, — якасць інтэрнэту, якое пакуль не ўсюды дазваляе сістэме працаваць бездакорна.

Жнівень мінулага года адзначыўся прыходам у службу новых спецыялістаў — урачоў, якія прайшлі субардынацыю і інтэрнатуру па профілі хуткай дапамогі, у тым ліку педыятраў. Гэта дазволіла стварыць у міжраённых цэнтрах спецыялізаваныя педыятрычныя рэанімацыйныя брыгады, чаго раней у вобласці не было.
Вынік не прымусіў сябе чакаць: павысіўся працэнт паспяховых рэанімацый, знізілася смяротнасць на догаспітальным этапе. Выкананы ўсе мэтавыя паказчыкі па дапамозе пацыентам з вострым каранарным сіндромам (ОКС) і вострым парушэннем мазгавога кровазвароту (ОНМК). Акрамя таго, цяпер пацыенты з спалучанай траўмай пры ДТЗ таксама дастаўляюцца наўпрост у міжраённыя цэнтры.

— Гэта сведчыць пра якасць падрыхтоўкі і мэтанакіраванасць нашых супрацоўнікаў. Акрамя таго, спецыялісты Мінскай вобласці штогод займаюць прызавыя месцы на рэспубліканскіх прафесійных спаборніцтвах, — з гонарым адзначыла галоўная ўрач.
Гаворачы пра перспектывы, Аляксандра Варывоцкая зрабіла акцэнт на далейшым развіцці інфармацыйнай сістэмы. Галоўная мэта — зрабіць яе даступнай для ўсяго звяна аховы здароўя. Гэта дазволіць аўтаматычна перадаваць неадкладныя выклікі ў паліклінікі, а прыёмныя аддзяленні бальніц змогуць бачыць папярэдні дыягназ яшчэ да прыезду машыны з сірэнай.

— Хочацца, каб доступ быў не толькі ў хуткай, але і ў ЦРБ і паліклінік, каб мы маглі перадаваць неадкладныя выклікі не па тэлефоне, а аўтаматычна. А прыёмнае аддзяленне будзе бачыць, што брыгада едзе да іх, — гэта скараціць час выкліку вузкіх спецыялістаў, — падзялілася галоўная ўрач.
У планах таксама пашырэнне зоны пакрыцця транкінгавай сувязі за кошт устаноўкі дадатковых ретранслятараў, што дазволіць поўнасцю задаволіць патрэбы вобласці. У ліку прыярытэтаў — удасканаленне сістэмы падрыхтоўкі кадраў з выкарыстаннем сучаснага абсталявання і манекенаў.