30 January 2025
Аб усім па парадку
Вучні 8–10-х класаў Будслаўскай сярэдняй школы імя Паўліны Мядзёлкі пабывалі з экскурсіяй у сталіцы. І там натрапілі на ўзгадку пра сваю зямлячку, імя якой носіць навучальная ўстанова. Адразу школьнікі наведалі Дзяржаўны музей гісторыі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, дзе змаглі пазнаёміцца з гісторыяй Беларускай (Заходняй) ваеннай акругі, подзвігамі воінаў Заходняга фронту і ўсенароднай барацьбой на акупіраванай тэрыторыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Школьнікі мелі магчымасць не толькі праслухаць інфармацыю, але і ўзяць у рукі некаторыя экспанаты, задаць пытанні, зрабіць фотаздымкі. Перш чым вярнуцца дадому, мы не маглі не наведаць выставу «Мая Беларусь» у Міжнародным выставачным цэнтры, – паведаміла класны кіраўнік 8-га класа Таццяна Матошка. А цэнтр жа знаходзіцца якраз на вуліцы нашай зямлячкі Паўліны Мядзёлкі! Чаго толькі няма на выставе: прадстаўлена і тэхніка, і медыцына, і культурная спадчына, і ахова навакольнага асяроддзя. Можна і паглядзець, і паслухаць, і дакрануцца, і пакаштаваць! Лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць – па-іншаму тут і не скажаш.