19 December 2024
Без тэрміна даўнасці
У Княгініне адбылася цырымонія пахавання астанкаў жанчыны-воіна Рускай імператарскай арміі часоў Першай сусветнай вайны. Адшукалі іх пры правядзенні земляных работ у двары дома па вуліцы Маладзёжнай у аграгарадку. Знайшлі таксама жалезны кацялок, фрагмент рамяня са спражкай воіна Рускай імператарскай арміі і казырок фуражкі. У выніку судова-медыцынскай экспертыза ўстанавіла, што астанкі належаць жанчыне ўзростам ад 22 да 25 гадоў. Ля воінскага пахавання Першай сусветнай вайны сабраліся мясцовыя жырары, прыехалі прадстаўнікі ўлады, ваеннага камісарыята і Мядзельскага філіяла фонду памяці Першай сусветнай вайны «Крокі», грамадскасці. Завітала і маладое пакаленне – вучні Княгінінскай, Нарацкай СШ №2, гімназіі г.Мядзела і з НДЦ «Зубронак».
Паніхіду па загінулай адслужыў настаяцель Княгінінскай царквы протаіерэй Канстанцін Яроміч. Старшыня Мядзельскага раённага савета дэпутатаў Антаніна Крыўко прыгадала падзеі Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі і Мядзельшчыны і адзначыла аб неабходнасці захавання памяці аб трагічных уроках гісторыі, забеспячэння міру на нашай зямлі.
Выступіў і старшыня праўлення дабрачыннага культурна-гістарычнага Фонду памяці Першай сусветнай вайны «Крокі» Андрэй Аралін. Прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання, а жанчыне-воіну аддалі воінскія ўшанаванні. Усклалі гірлянду і кветкі да магілы і помніка рускім салдатам.
Источник: https://narachanka.by/