18 September 2024
Марафон адзінства. Мядзельшчына разам!
Мітынг, прысвечаны святкаванню Дня народнага адзінства, прайшоў на плошчы Шаранговіча горада Мядзела. У ім прынялі ўдзел кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый, жыхары горада. У сваім выступленні старшыня райвыканкама Аляксандр Прановіч павіншаваў прысутных са святам і адзначыў, што гэта свята сімвалізуе любоў да нашай Радзімы, павагу да яе слаўных традыцый і гісторыі, гонар за вялікія здзяйсненні нашых папярэднікаў. Пра тое, з якой радасцю жыхары Мядзела і бліжэйшых вёсак у верасні 1939 года сустракалі воінаў Чырвонай Арміі, частавалі іх яблыкамі, гаварыў ветэран Вялікай Айчыннай вайны, ганаровы грамадзянін Мядзельскага раёна Міхаіл Гордан.
Павіншавала прысутных з дзяржаўным святам таксама старшыня раённага аб'яднання прафсаюзаў Святлана Чарняўская. Аратар адзначыла, што менавіта брацтва і адзінства збераглі Радзіму ў гады Вялікай Айчыннай вайны, далі магчымасць адрадзіць разбураную гаспадарку. І зараз дапамагаюць яны заставацца Беларусі свабоднай і незалежнай дзяржавай. У Дзень народнага адзінства Мядзельшчына адзначыла яшчэ адну дату - 112-годдзе з дня нараджэння вялікага патрыёта сваёй Радзімы, народнага паэта Беларусі Максіма Танка. Наш знакаміты зямляк з радасцю ўспрыняў вестку аб уз'яднанні Заходняй і Усходняй Беларусі. І гэтай гістарычнай падзеі прысвяціў нямала паэтычных радкоў.
Да падножжа помніка, у знак памяці і глыбокай пашаны да паэта, удзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі. Мерапрыемства працягнула канцэртная праграма, у якой прынялі ўдзел салісты і самадзейныя калектывы раёна. А завяршылася святкаванне праглядам дакументальнага відэафільма «Культурны код», прысвечанага нашай дзяржаўнай сімволіцы, які трансляваўся ў глядзельнай зале Мядзельскага раённага Цэнтра культуры.
Крыніца:
https://narachanka.by/