29 September 2025
Мітынг памяці
На помніку ў Шкленікове прозвішчы і ініцыялы 15-ці вяскоўцаў, спаленых ворагам 27 верасня 1943-га. Як і штогод, тут адбыўся мітынг у памяць бязвінных ахвяр фашызму. – Гэта не проста старонка ў гісторыі – гэта рэальны боль, перажыты нашымі продкамі, гэта мноства лёсаў, зламаных і страчаных, – нагадала прысутным старшыня раённага Савета дэпутатаў Антаніна Крыўко. – У гады Вялікай Айчыннай вайны Беларусь была арэнай страшных злачынстваў. Нямецка-фашысцкія акупанты прыйшлі не проста заваяваць – яны прыйшлі знішчыць. Яны сціралі з твару зямлі вёскі, забівалі мірнае насельніцтва. Сёння мы сабраліся тут, ля помніка, каб ушанаваць памяць мірных жыхароў, якія загінулі ад рук захопнікаў. У такі ж асенні дзень тут спыніўся час, абарваліся жыцці старых, жанчын і дзяцей, якія мірна жылі на сваёй зямлі. Пра вялікую колькасць ахвяр сярод мірнага насельніцтва ў гады акупацыі гаварыў старшы памочнік пракурора раёна Аляксей Купрэвіч. Як і штогод, на мітынгу была заслужны дзеяч культуры Беларусі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, аглядальнік аддзела па асвятленні дзейнасці Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь БелТА Аліна Грышкевіч.
Источник: https://narachanka.by/