16 June 2025
«Насустрач мары»
Амфітэатр Мядзела ператварыўся ў эпіцэнтр маладосці, надзей і развітання з дзяцінствам. 153 выпускнікі Мядзельшчыны прыбылі на раённы баль «Насустрач мары». Пасля ўрачыстага шэсця павіншаваў выпускнікоў старшыня райвыканкама Аляксандр Прановіч. – Сёння прыемна адзначыць, што Паліна Сальмановіч і Аліна Кумішча сталі ўладальнікамі сертыфікатаў 100 балаў па двух навучальных прадметах. Высокі вынік па выніках цэнтралізаванага экзамену стаў магчымы дзякуючы трывалым ведам, якія заклалі вашы настаўнікі Анастасія Аляксандраўна Кумішча, Соф’я Казіміраўна Байко, Ала Віктараўна Кумішча і Алена Казіміраўна Сурвіла. Залатымі медалямі сёння будуць узнагароджаны 14 вучняў. Паважаныя выпускнікі! Вы стаіце на парозе самастойнага дарослага жыцця… Мірнага неба вам, моцнага здароўя, верных сяброў і вялікіх здзяйсненняў. Ганарыцеся нашай Радзімай, і яна абавязкова будзе ганарыцца вамі. Аляксандр Прановіч уручыў лепшым выпускнікам раёна атэстаты асаблівага ўзору аб агульнай сярэдняй адукацыі з узнагароджаннем залатымі медалямі. На свяце адзначылі яшчэ тых выпускнікоў, хто праславіў раён на спаборніцтвах, творчых конкурсах і алімпіядах. Падзячныя лісты ўручыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Антаніна Крыўко. Адзначылі таксама бацькоў за годнае выхаванне дзяцей і класных кіраўнікоў 11 класаў. Хвілінай маўчання аддалі даніну загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, а дэлегацыя выпускнікоў усклала кветкі да помніка смуткуючай маці ў Мядзеле. Былі на свяце пажаданні ад бацькоў, вальс у выкананні выпускнікоў. А яшчэ было нямала відовішчных музычных і танцавальных нумароў. Але адзін — асабліва кранальны. Ён ад выпускнікоў Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі.
Источник: https://narachanka.by/