30 August 2024
Па-свірску весела, па-свірску шчодра, па-свірску смачна адзначалі свята гарадскога пасёлка Свір
Чаму весела? Бо з песнямі і танцамі. Чаму шчодра? Бо з падарункамі. Чаму смачна? Бо з караваем і юшкай. Усё гэта – у святочна ўпрыгожаным парку. Ды з узнагародамі, добрымі пажаданнямі, выставамі, гандлем, атракцыёнамі. Найлепшыя пажаданні адрасавала жыхарам і гасцям пасёлка старшыня Свірскага сельвыканкама Валянціна Субач. І ўзнагародзіла свіраніна з вялікім стажам, дырэктара санаторыя “Спадарожнік” і дэпутата сельскага Савета Уладзіміра Сяржанта. Ёсць за што: дзякуючы Уладзіміру Францавічу адрамантаваны помнік загінуўшым землякам, што ля Дома культуры. Ну а на свяце Уладзімір Сяржант падараваў сельвыканкаму тэлевізар. Адзначыла старшыня сельвыканкама і гаспадароў самых дагледжаных сядзіб. А гэта Андрэй і Марыя Кіслыя, Алег Савіч і Галіна Гавейка, Аляксандр і Таццяна Бузянковы, Андрэй і Гелена Пашукі, Тэрэза Ражкова. Узгадалі самых старэйшых жыхарак Свіры Фелемону Бялевіч і Любоў Кумішчу. Абедзвюх на свяце не было, але падарункі ім перадалі. Не забыліся і пра самага юнага свіраніна – гэта Данііл Пятроў, якому няма яшчэ і года. І пра тых, у каго дзень нараджэння супаў са святам – гэта Ірына Атрошка і Аляксандр Скакун. прадоўжілася свята канцэртнай праграмай і святочным феерверкам. Уражаннямі падзялілася жыхарка Свіры Галіна ГАВЕЙКА: — Было прыемна, што нашу сядзібу назвалі сярод лепшых. Выклікалі на сцэну, адпаведнае пасведчанне ўручылі і абрус падаравалі – памяць застанецца. Спадабалася, што дырэктар гаспадаркі са сцэны падзякаваў сваім работнікам. І сапраўды, мы святкавалі, а яны працавалі на ўборцы ўраджаю. Дзякуй старшыні сельвыканкама і ўсім яго супрацоўнікам, а таксама самадзейным артыстам і ўсім-усім, хто спрычыніўся да падрыхтоўкі свята. Добрае яно атрымалася, усе пра гэта кажуць.
Крыніца інфармавання: https://narachanka.by/