Мядельский районный исполнительный комитет
  • 222397, г. Мядзел, пл. Леніна, 1
  • 8 (01797) 410-02
  • 142 даведачная служба «Адно акно»
кантакты
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30

Прыём зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб з 8.00

Мядзельскі раённы
выканаўчы камітэт

4 August 2026

Лукашэнка прадставілі канцэпцыю Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій. Якім будзе ўніверсітэт будучыні

На нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі па пытанні стварэння Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій была падрабязна выкладзена канцэпцыя ўніверсітэта будучыні, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як далажыў міністр адукацыі Андрэй Іванец, рэалізацыя эксперыментальных праграм акадэміі ў поўнай меры будзе магчымай толькі пры адборы матываваных і адораных людзей. Спецыялісты лічаць, што пры масавым наборы гэтыя эксперыментальныя праграмы не дадуць належнага эфекту.

«Трэба адкрыць дзверы для выпускнікоў каледжаў, для тых хлопцаў і дзяўчат, якія ўжо сёння вучацца ў ВНУ, праявілі сябе і хочуць перавесціся ў гэты новы адукацыйны цэнтр. У праекце ўказа маецца і такая траекторыя», — падкрэсліў міністр адукацыі. Ён растлумачыў, што студэнтам, якія жадаюць паступіць у цэнтр, неабходна будзе прайсці субяседаванне і здаць унутраны экзамен.

«Пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд мы абавязаны забраць са школьнай лаўкі, каб не дапусціць люфту часу, калі яны могуць вагацца: выбраць айчынную ўстанову адукацыі або паехаць у іншую ВНУ», — канстатаваў Андрэй Іванец.

Міністр адукацыі адзначыў, што ўпор у акадэміі будзе зроблены на атрыманне рэальнага эфекту для эканомікі. Падрыхтоўка будзе ажыццяўляцца ў галіне прыродазнаўчых навук і інжынерных тэхналогій. Спецыялістаў будуць навучаць распрацоўцы перспектыўных і сучасных тэхналогій, якія прадаюцца ў Беларусі і за мяжой.

«Упор будзе зроблены на праектнае навучанне. Базавую адукацыю мы дамо за два першыя курсы. Гэта будзе напружаная і карпатлівая вучоба. З трэцяга курса пачынаецца фактычна індывідуальнае навучанне: канкрэтны праект, канкрэтная тэхналагічная задача і прадпрыемства, для якога спецыяліст або міждысцыплінарная каманда будуць вырашаць задачы», — падкрэсліў Андрэй Іванец.

Адным з важных напрамкаў дзейнасці адукацыйнага цэнтра ён назваў вырашэнне кадравага пытання: «Мы павінны забяспечыць пераемнасць пакаленняў. Па шэрагу напрамкаў у нас ёсць старэнне кадраў — мы гэта бачым і ў ВНУ, і ў Акадэміі навук. Эту тэндэнцыю мы павінны пераламаць, выхаваць новых вучоных, выкладчыкаў, галоўных тэхнолагаў».

Пры рабоце над стварэннем новага адукацыйнага цэнтра вывучаўся досвед вядучых ВНУ Расіі і Кітая. «Мы паглядзелі перспектыўныя напрамкі, як арганізаваны адукацыйны працэс і як туды ўцягнуты не толькі студэнты, але і выкладчыкі, выпускнікі і рэальны сектар эканомікі», — сказаў Андрэй Іванец. Улічвалася і класічная айчынная адукацыя, якая характарызуецца спалучэннем базавых курсаў фундаментальных дысцыплін з лабараторнымі практычнымі заняткамі. У сувязі з гэтым міністр адукацыі падкрэсліў, што на базе Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій прадугледжваецца стварыць не толькі класічныя вышэйшыя школы, але і навукова-адукацыйныя лабараторыі.

Задайце пытанне