9 January 2025
Цырымонія ўручэння прэміі "За духоўнае адраджэнне" і спецыяльных прэмій Прэзідэнта
Выступленне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на цырымоніі ўручэння прэміі "За духоўнае адраджэнне", спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва і "Беларускi спартыўны Алiмп"
Дарагія сябры!
Паважаныя лаўрэаты!
Уладыка!
Калядныя дні ствараюць асаблівую атмасферу і натхняюць на добрыя справы.
Гэтак было спрадвеку. Такім мы разумеем гэта светлае свята i сёння.
У ім вытокі нашай цырымоніі ўшаноўвання ў першыя дні новага года лаўрэатаў прэміі "За духоўнае адраджэнне" і спецыяльных прэмій Прэзідэнта. А само мерапрыемства ўжо стала традыцыяй суверэннай Беларусі.
І мы не ўяўляем гэтыя чароўныя дні без прыгожага ўрачыстага моманту - моманту заслужанай славы нашых дастойных людзей.
Нашы лаўрэаты - сапраўдныя падзвіжнікі і творцы сапраўднага мастацтва, захавальнікі душы беларускага народа.
Сёння мы адзначаем заслугі дзеячаў культуры, якія захоўваюць і ўзбагачаюць нацыянальную скарбніцу, абуджаюць цікавасць да народных рамёстваў, выхоўваюць павагу да нашых традыцый.
Сярод узнагароджаных таксама святары, урачы, сацыяльныя работнікі - неабыякавыя людзі, якія працягнулі руку дапамогі тым, хто сутыкнуўся з цяжкасцямі. Бескарысліва, па клічы сэрца клапоцяцца аб дзецях, якія трапілі ў няпростую сітуацыю ў жыцці.
Мы ганарымся поспехамі на найбуйнейшых сусветных турнірах нашых вядомых спартсменаў і трэнераў, удастоеных прэміі "Беларускі спартыўны Алімп".
Усе дасягненні лаўрэатаў і іх дзейнасць маюць высокае духоўнае і патрыятычнае гучанне.
Асабліва важна гэта зараз, калі краіна рыхтуецца адзначыць святую дату - 80-годдзе Вялікай Перамогі. Мы беражліва захоўваем памяць аб мінулым, упэўнена рухаемся наперад і смела глядзім у будучыню.
Дзякуй вам за дасягненні і перамогі.
Але важнае і іншае. Значнасць вашай працы значна большая, чым вы, магчыма, самі гэта ўсведамляеце.
Кожны ваш поспех натхняе многіх беларусаў на новыя справы, такія ж добрыя, людскія і вельмі патрэбныя.
Таму з году ў год мы сустракаемся на гэтай сцэне з людзьмі, якімі рухаюць самыя шчырыя пачуцці - вернасць свайму пакліканню і любоў да роднай зямлі.
І менавіта дзякуючы вам, шаноўныя лаўрэаты, вашаму служэнню высокім ідэалам мы паспяхова супрацьстаім тым выклікам, якія перад намі ставіць час. Час хаосу, войн, дэвальвацыі сапраўдных каштоўнасцей.
А ісціна простая: у аснове любой чалавечай дзейнасці ляжаць духоўнасць і маральнасць (як я часта кажу, справядлівасць) - жыватворныя эліксіры для культуры, трывалай сувязі пакаленняў і традыцый.
Яны і аснова адзінства нацыі, якая ведае сваю гісторыю, шануе спадчыну продкаў і клапоціцца пра будучыню. Аснова таго, што вызначае характар народа.
Духоўнасць і маральнасць - падмурак моцнай, незалежнай дзяржавы.
Дарагія сябры!
Я віншую лаўрэатаў прэміі "За духоўнае адраджэнне", спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва і "Беларускі спартыўны Алімп".
Дзякуючы такім людзям, як вы, патрыётам, стваральнікам, наша родная Беларусь застаецца астраўком міру, спакою, чалавекалюбства і міласэрнасці.
Як бы нехта ні імкнуўся нас сёння разгайдаць, нічога не атрымаецца. Нічога не атрымаецца! Мы зберажом сваю краіну. Яна ўжо належыць нашым дзецям і ўнукам. Таму мы павінны падумаць аб іх будучыні, і мы думаем.
Мы ўсё зробім у будучай пяцігодцы, каб наша краіна назаўжды забылася на праблему захавання сваёй дзяржаўнасці. Наша краіна будзе…
Наша краіна заўсёды будзе дзяржавай, насуперак любым плыням і тэндэнцыям на міжнароднай арэне.
Я таксама хачу павіншаваць усіх нашых беларусаў з Калядамі. Пажадаць ім радасці. Каб вы ўсміхаліся, каб дзеці вас ніколі не засмучалі, вашы каханыя, блізкія, родныя, калегі заўсёды неслі вам радасць.
Жадаю міру, дабра, дабрабыту. Няхай вам ва ўсім спрыяе поспех, а побач будуць з вамі заўсёды родныя і блізкія.
Трэці раз вось дык вось публічна пры вялікай аўдыторыі я кажу пра тое, што будучы год будзе няпростым. І я гэта кажу вам шчыра. І запомніце, хто б вам тут ні абяцаў залатыя горы, нам давядзецца напружвацца ў два разы больш, чым у папярэднім годзе.
Але мы пераадолеем усе цяжкасці. Не толькі таму, што вось я хачу банальна сказаць: "Мы адзіныя, мы натхнёныя…" Мы навучыліся працаваць! У складаных умовах. Калі нас ціснуць з усіх бакоў.
Здавалася б, не, не вытрымаем. Але памятайце мае словы, я сказаў: "Забудзьцеся аб санкцыях, іх няма!" І гэта нас выратавала. Калі б толькі мы, беларусы, - эмацыйныя людзі - акунуліся ў гэтыя разважанні аб санкцыйнай палітыцы, слухайце, мы абвалілі б эканоміку, а следам і наша жыццё, і наша дзяржава.
Таму санкцыі, не санкцыі - проста жыццё складаецца такім чынам, што ў любой сітуацыі нам давядзецца выжываць, вытрымліваць гэты націск. Мы яго вытрымаем!
Але я таксама гавару аб тым, што будучы год і, напэўна, уся пяцігодка пройдуць пад лозунгам міру і бяспекі. Будзе мір - усё астатняе прыкладзецца. Трэба зберагчы мір для Беларусі. І мы зробім гэта разам з вамі.
І апошняя тэза, вельмі важная - новае пакаленне. Да ўлады прыходзяць, не толькі да ўлады... Мы аддаём нашу краіну ў рукі новаму пакаленню. Я чаму вам пра гэта гавару? Я казаў пра гэта ў царкве і гэтак далей для таго, каб людзі пачулі гэта. А вам кажу таму, што нам з вамі давядзецца гэтае пакаленне сфарміраваць і нам з вамі давядзецца іх пасадзіць у свае крэслы - работнікаў творчых, культуры і гэтак далей, і таму падобнае. І ва ўладу. Найцяжкая праца, але мы настроены яе арганізаваць і правесці.
Шчасця вам! Не хвалюйцеся. Слухайце, ну, жыццё ж не толькі складаецца з таго, што будзе заўтра, пазаўтра і іншае. Гэта важна - бачыць заўтрашні дзень. Але мы ж жывем кожны дзень, і сёння. Сёння светлыя дні, светлыя святы - Новы год, Ражджаство Хрыстова. Хутка, дасць бог, Вялікдзень...
Таму заўсёды, калі толькі можна ўсміхацца, весяліцца і цешыцца, - усміхайцеся, весяліцеся і цешцеся. Шчасця вам, дабрабыту і поспехаў!