Мядельский районный исполнительный комитет
  • 222397, г. Мядель, пл. Ленина, 1
  • 8 (01797) 410-02
  • 142 справочная служба «Одно окно»
контакты
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:30-13:00 | 14:00-17:30

Приём обращений граждан и юридических лиц c 8.00

Мядельский районный
исполнительный комитет

Национальный санктуарий Матери Божьей Будславской

“Дарога да храма”

На месцы сучаснай вёскі Будслаў у старажытнасці была глухая пушча, якая належала Матыцка-Маркаўскаму старасце. 8 верасня 1504г. Вялікі князь літоўскі і польскі кароль Аляксандр Ягелончык сваім прывілеем падараваў тут 600 моргаў (тагачасная мера плошчы - 0,71га) лесу над ракой Сэрвач у яе прытоках Зуйкі і Турака віленскаму кляштару бернардзінцаў. Браты-бернардзінцы, прысланыя сюды з Віленскага кляштара, секлі дрэвы і сплаўлялі іх па рэчках у Вільню, дзе ў той час узводзіўся касцёл святога Казіміра.Запасы лесу былі значныя – наўкола раскінулася бяскрайняя пушча.

У 1505г. манахі пабудавалі ў лесе невялічкую драўляную хатку, вартоўку, дзе можна было ўладкавацца, якую жыхары з суседніх весак называлі “будаю”, адсюль і назва мясцовасці – Буда. Крыху пазней узвялі драўляную капліцу, заснавалі калонію. Але пад уплывамрэфармацыі і аддзялення Літоўскай правінцыі каля 1530г. манахі былі вымушаны пакінуць Буду. Вярнуліся толькі ў 1571 годзе.

Першы драўляны касцёл у Будславе быў узведзены дзесьці ў канцы 16 стагоддзя. Праўда, ёсць звесткі і пра тое, што дабудоўвалі яго і ў 1610-х гадах. У 1591г. драўляны касцёл пад тытулам Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі быў асвячоны. У той час прадстаўніцтва бернардзінцаў у Будславе было яшчэ нешматлікім і таму мела статус толькі рэзідэнцыі.

Менавіта на канец 16 стагоддзя прыпадаюць звесткі аб дзіўным з’яўленні тут Дзевы Марыі. Адбылося гэта 2 ліпеня 1588 года, калі пасля сакрамэнта хросту манахі і вернікі убачылі святло. Аб гэтым браты паведамілі віленскага гвардыяна і той вырашыў выясніць справу. Прыехаўшы ў Буду, загадаў пасціць два дні и прамаўляць для вернікаў на працягу дня казанні. Пасля посту ўсе пабачылі святло, у якім з’явілася Багародзіца з Дзіцяткам і з неба даносіўся голас: “… гэтае месца я выбрала сабе для прытулку грэшнікаў”. Такім чынам паселішча ў Будскай пушчы (так ужо называлі тутэйшы лясны масіў) набыло сапраўднае нябеснае заступніцтва. Пагалоска пра гэта месца ў імгненні вока разнеслася вельмі далёка: адзін аднаму людзі перадавалі гісторыю пра Буду Слаўную. Адсюль з цягам часу і пайшла сучасная назва паселішча – Будслаў.

Дакладна вядома дата, калі ў Будславе з’явіўся цудадзейны абраз Маці Божай – гэта адбылося ў 1613 годзе. Абраз быў намаляваны ў 1589г. у Рыме

невядомым мастаком, а праз два гады Папа Клімент VIII падарыў яго тагачаснаму мінскаму ваяводзе Яну Пацу. Пасля смерці Паца святыня перайшла да ксяндза Ісаака Салакая і колькі гадоў знаходзілася ў Даўгінаве, а ўжо адтуль апынулася ў Будславе – у перадвелікодны чацвер святар ахвяраваў яе касцёлу. Амаль увесь час (на працягу без нечага чатырох стагоддзяў) абраз знаходзіўся тут, толькі ў 1655-1661 гадах, падчас вайны, манахі вывозілі яго ў больш спакойнае месца.

Абраз “Маці Божая Будслаўская” з’яўляецца помнікам старажытнага жывапісу. На абразе Маці Божая на левай руцэ трымае дзіця Ісуса, правай рукой паказвае на яго.Увесь абраз за выключэннем твараў і рук Маці Божай і Ісуса закрыты металічным чаканеным пазалочаным абкладам. Светлая рыза Маці і адзенне Ісуса дэкарыраваны накладнымі чаканенымі металічнымі кветкамі і парасткамі. Над галавой Маці Божай і Ісуса ажурныя металічныя кароны, упрыгожаныя каштоўнымі камянямі. Рама абраза ўпрыгожана таксама накладной металічнай разьбой з арабескавым арнаментам, у які ўведзены фігуры святых Варвары і Казіміра.

28 жніўня 1633г., дзякуючы ахвяраванням а.Фларыяна Каленцкага, гвардыяна віленскага кляштара бернардзінцаў, а таксама сродкам польнага гетмана літоўскага Яна Кішкі, сям’і Далмат-Ісакоўскіх у будслаўскай рэзідэнцыі закладзены камень першага каменнага касцёла, будаўніком якога стаў Андрэй Кромер з Полацка.

У 1643г. будаўніцтва храма было завершана, а 9 ліпеня адбылося асвячэнне новай святыні. Невялікі аднанефавы мураваны касцёл захаваўся да цяперашняга часу і стаў часткай новага грандыёзнага касцёла Марыі (капліцай святой Варвары). Сапраўдная адметнасць будынка – драўляны пазалочаны алтар, устаноўлены ў апсідзе ў 1649г. руплівасцю а.Элеўтэра Зеляевіча, тагачаснага старэйшага манаха кляштара.З крылаў алтара на гледача паглядаюць 20 майстэрскі выкананых фігур: прарокаў Старога запавета, а таксама постацяў, звязаных з паходжаннем Дзевы Марыі. Уражвае кантраснае спалучэнне колераў: белых сцен, чорнага дрэва і бліскучай пазалочанай скульптуры. Алтар спецыяльна выканалі для размяшчэння цудадзейнага абраза “Маці Божая з дзіцём Ісусам” (“Маці Божая Будслаўская”). Спачатку менавіта тут ён і знаходзіўся. Даследчыкі сцвярджаюць, што ў свой час будслаўскі алтар быў наватарскім не толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Пэўныя паралелі ўзнікаюць пры параўнанні яго з трыумфальнай аркай у Антверпене, удзел у стварэнні якой узяў Рубенс. Між тым, індывідуальнасць будслаўскаму алтару шмат у чым надаў разьбяр Пётр Грамель – мясцовы майстра, які працаваў у адметнай манеры.

Алтар капліцы святой Варвары – выдатны помнік мастацтва ранняга барока, у якім спалучаюцца рысы рэнесансу. Строгая сіметрычная ўраўнаважаная кампазіцыя алтара пабудавана па прынцыпах архітэктуры рэнесансу. Дэкаратыўнае аздабленне- скульптурныя кампазіцыі, разьба па дрэве, маляўнічы святлоценявы эфект- гэта элементы барока.

У 1661г. рэзідэнцыя, якая фактычна ўжо даўно была кляштарам, атрымала статус прадстаўніцтва бернардзінцаў у Будславе.

У 1731г. пры кляштары пачынае дзейнічаць духоўная школа, дзе слухачы вывучалі маральную тэалогію і рыторыку. У 1736г. адчыняецца музычная школа на 25 вучняў. Колькасць манахаў дасягае 17 чалавек. Будслаў становіцца сапраўдным цэнтрам хрысціянскага жыцця краю.

29 ліпеня 1767г. закладзены краевугольны камень пад велічнуюбазіліку, якая стала адным з самых грандыёзных і прыгожых касцёлаў не толькі нашай Радзімы, але і ўсёй тагачаснай Рэчы Паспалітай. На працягу цэлых 16 гадоў

(з 1767г. па 1783г.) у Будславе ўзводзілі новы касцёл, які па плошчы перавысіў былы ў восем разоў. 7 верасня 1783г. адбылося ўрачыстае асвячэнне святыні. Гэта яскравы помнік архітэктуры позняга барока. Пры касцёле таксама знаходзіліся кляштар і дзве капліцы. Адна з якіх – святой Варвары - так званы стары касцёл, які па-майстэрску ўключылі ва ўзведзены комплекс пабудоў. Велічны будынак відаць здалёк, кажуць, што яго нават можна заўважыць са званіцы ў Параф’янаве, што ў суседнім Докшыцкім раёне (гэта дзесьці 15 кіламетраў ад Будслава). Яно і не дзіўна- агульная вышыня касцёла- каля 56 метраў. Цяжка сабе ўявіць, аднак падмурак такога сапраўднага “хмарачоса”, які знаходзіцца зусім побач з тутэйшай рэчкай Сэрвач, укапаны ў зямлю даволі неглыбока. Як ён трымаецца без парушэнняў на працягу некалькіх стагоддзяў, зразумець цяжка. Магчыма, такая ўстойлівасць дасягаецца за кошт таго, што вялікая вага будынка быццам бы “раскладаецца” на сістэму арак, яны семітрычна размешчаны пад усім будынкам. У склепе пад касцёлам раней былі пахаванні, якія пасля забаранілі ў сувязі з эпідэміяй чумы. Ужо ў савецкі час-у 1970-я гады гэтыя могілкі нехта разбурыў, мабыць у пошуках скарбаў. Іх пасля беражліва ўпарадкавалі.

Касцёл Марыі мае складаную абъёмна-прасторавую кампазіцыю, уяўляе сабой тып трохнефавай крыжова-купальнай базілікі з двухвежавым галоўным фасадам. Асноўны аб’ём складаюць цэнтральны і 2 бакавыя падоўжаныя нефы. Бакавыя нефы вузейшыя і ніжэйшыя за цэнтральны.Рознасць іх вышынь утварае трохнефавую базіліку. У цэнтры яе перакрыжоўвае папярочны трансепт, крылы якога вызначаюцца на 2 бакавых фасадах. У месцы скрыжавання трансепта і цэнтральнага нефа, над сяродкрыжжам размешчаны сферычны купал, які раскрываецца толькі ў інтэр’ер, а звонку закрыты высокім двухсхільным дахам.Асаблівасцю прасторавай кампазіцыі храма з’яўляецца адсутнасць апсіды.

Фасады храма, асабліва галоўны, багата ўпрыгожаны разнастайнымі архітэктурнымі формамі, што характэрна для позняга барока. Галоўны фасад, арыентаваны на плошчу, мае складаную прасторвую кампазіцыю, у якой па вертыкалі вылучаюцца 5 частак. Цэнтральная і 2 бакавыя адпавядаюць кожная 3 нефам храма, 2 астатнія часткі- гэта асновы чатырох’ярусных вежаў, якія значна выступаюць за межы бакавых нефаў.Цэнтральная частка архітэктурнай кампазіцыі галоўнага фасада, што адпавядае цэнтральнаму нефу храма, па гарызанталі падзелена на 3 ярусы шматслойным рпафіляваным карнізам. У ніжнім ярусе знаходзіцца галоўны ўваходны партал з лучковым завяршэннем, пад ім складанага абрысу франтон. У другім ярусе над парталам прарэзаны паўцыркульны праём з балконам, які абапіраецца на магутны выступаючы карніз. Балкон мае ажурную металічную літую агароджу. Абедзве часткі фасада багата ўпрыгожаны калонамі і пілястрамі карынфскага ордэра, якія стаяць на высокіх базах. Завяршаецца цэнтральная частка фасада( трэці ярус) франтонам з фігурнай навіссю- грэбенем. Да цэнтральнай часткі фасада далучаюцца 2 бакавыя, што адпавядаюць бакавым нефам. Яны падзелены прафіляваным карнізам на 2 ярусы: у ніжнім дзвярны партал, над ім - лучковай формы аконны праём (у кожным ярусе). Фланкіруюць пяцічасткавую кампазіцыю галоўнага фасада 2 высокія чатырох’ярусныя вежы. Першы самы высокі ярус прарэзаны высокім паўцыркульным аконным праёмам і дэкарыраваны калонамі і пілястрамі карынфскага ордэна на высокіх базах. Два верхнія больш нізкія, меншыя ў сячэнні, дэкарыраваны шматслойнымі пілястрамі і прарэзаны на кожнай грані адкрытым паўцыркульным праёмам. Чацвёрты ярус уяўляе сабой цыліндрычны барабан з маленькімі круглымі праёмамі, дэкарыраваны валютамі і завершаны галоўкай з крыжам. Бакавыя фасады дэкарыраваны больш стрымана.Іх сцены маюць прамавугольныя вокны ў 2 паверхі, дэкарыраваны пілястрамі і завершаны прафіляваным карнізам. Выступаючая па бакавых фасадах сцяна цэнтральнага нефа мае дадатковыя аконныя праёмы лучковай формы. Крылы трансепта дэкарыраваны пілястрамі на ўсю вышыню, прарэзаны вузкімі паўцыркульнымі вокнамі на 2 паверхі і завершаны паўкруглымі шчытамі з бакавымі валютамі і цэнтральным арычным праёмам. Падобны шчыт узвышаецца і над алтарнай сцяной храма, што характэрна для помнікаў архітэктуры позняга барока.

У інтэр’еры 4 масіўныя прафіляваныя слупы падзяляюць унутраную прастору храма на 3 нефы. У цэнтральным нефе перакрыцце- цыліндрычныя скляпенні з распалубкамі, у бакавых нефах- крыжовыя скляпенні. У цэнтры інтэр’ера- паўсфера купала з 4 арычнымі вокнамі. Над уваходам размешчана адкрытая галерэя- хоры, дзе знаходзіцца арган. Цэнтрам кампазіцыі інтэр’ера з’яўляецца галоўны мураванымураваны алтар (1783). Дзве высокія калоны на базах падтрымліваюць масіўны антамблемент, завершаны прафіляваным карнізам. У галоўным алтары паміж калонамі знаходзіцца абраз “Маці Божая Будслаўская”.

Усе сцены інтэр’ера дэкарыраваны жывапісам. Размалёўка сцен імітуе архітэктурныя формы. На алтарнай сцяне намалявана архітэктурная кампазіцыя з каланады карынфскага ордэра, якая пададзена ў перспектыве і стварае ілюзію сапраўднай архітэктуры. На слупах у арачных нішах- жывапісныя выявы святых ва ўвесь рост. Бакавыя сцены дэкарыраваны карынфскімі пілястрамі. На бакавых сценах жывапісныя пано “Крыжовы шлях Ісуса”.

Статус мястэчка Будслаў атрымаў яшчэ 6 кастрычніка 1732г., згодна з прывілеем Аўгуста II. У 1756г. тут была адчынена музычная школа. У 1790г. на сродкі кляштара быў пабудаваны цагляны шпіталь для бедных. У 1793г.- пры кляштары адчынілася 2-класная пачатковая школа на 40 вучняў.

9 снежня 1787г. Будслаў становіцца самастойнай парафіяй. Манахі бернардзінцы будуць абслугоўваць новую парафію ажно да ліквідацыі кляштара.

Пасля сапраўды “залатой” пары ў Будславе насталі і іншыя часы - за ўдзел святароў у паўстанні 1863-1864 гадоў манахі былі вымушаны пакінуць кляштар, але хаваліся амаль 10 гадоў. Пасля былі спробы прадаць кляштар, аднак пакупнікоў на такую “нерухомасць” не знайшлося. Пазней будынак прыйшоў у заняпад і ў канцы 19 стагоддзя быў разбураны. Аднак дагэтуль захаваліся падмуркі кляштара, таму ў Будславе не губляюць надзеі на тое, што ён абавязкова будзе адноўлены. Ужо ёсць нават чарцяжы будынкаў, якія калісьці існавалі. З дапамогай архітэктара Аляксандра Кандратава ў 2007г. падрыхтаваны прапановы па аднаўленні комплексу кляштара бернардзінцаў на падставе канкрэтных гістарычных даследаванняў. У архівах Вільнюса адшукаліся эскізы (як выглядаў у свой час кляштар, калі ён быў своеасаблівым “квадратам” прыбудаваны да касцёла), пасля чаго праведзена рэканструкцыя, праўда, пакуль “віртуальная” - на паперы. Таксама ў вільнюскім архіве прафесар Ярашэвіч знайшоў пералік кніг вялікай кляштарнай бібліятэкі. На жаль, усё гэтае бібліяграфічнае багацце страчанае. Затое захаваліся метрычныя запісы пачынаючы з 19 стагоддзя і па 1941г., што рабіліся ў касцёле. Такія спісы складаюцца і цяпер: напрыклад, у 2007г. было 40 пахаванняў, 9 хрышчэнняў і 1 вянчанне (статыстыка не надта аптымістычная).

На працягу 1919-1929 гадоў будынак касцёла, яго ўбранне рэстаўруюцца і аднаўляюцца.

З 1990 гадоў пачалося адраджэнне будслаўскіх святыняў. 2 ліпеня 1992г. адбылася першая пілігрымка (так называюцца “дэлегацыі” ад розных мясцін).

Да святыні заўсёды імкнуцца патрапіць многія. Будслаўскі фэст, што праводзіцца штогод у пачатку ліпеня, збірае шматлікіх паломнікаў. Напрыклад, у 2007 годзе на ўрачыстасцях прысутнічалі каля 30 тысяч чалавек. Вялікая колькасць паломнікаў ідзе да Будслава пешшу, прычым пілігрымкі прадстаўляюць не толькі рэгіёны Беларусі, але і іншыя дзяржавы- Расію, краіны Прыбалтыкі,Малдову, Украіну, Польшчу. У 2007 годзе было арганізавана і міжнароднае воднае паломніцтва, прычым з адметнасцю. Па рэках (Віліі і Сэрвачы) супраць цячэння ў Будслаў з Вільнюса даставілі ўнікальны двухметровы крыж. Ён зроблены з бярвёнаў, якія знайшлі падчас рамонту касцёла святога Казіміра. Драўніна старая (мяркуюць, што высечаная ці не паўтысячагоддзя таму, у легендарнай Матыцка-Маркаўскай пушчы) і вельмі моцная, яе ледзьве распілавалі, каб зрабіць крыж. Цяпер крыж стаіць у касцёле.

Велічны будынак Будслаўскага касцёла па сённяшні дзень захоўвае сваю незвычайную аўру- адзін з нямногіх, якія засталіся ў непарушаным стане на працягу стагоддзяў. Гэта пры тым, што тут неаднойчы праходзіла лінія фронту, а з 1939 па 1981 гады не праводзіліся службы. Касцёл збераглі вернікі.

У 1994г. касцёл набыў ганаровы статус малой базылікі, а 2 ліпеня 1998г. кардынал Казімір Свёнтэк каранаваў абраз Маці Божай Будслаўскай папскімі каронамі. Тым самым касцёл пацвердзіў цудадзейнасць абраза.

Будслаўскі храм – помнік архітэктуры рэспубліканскага значэння. У апошнія гады ў ім выкананы вялікі аб’ём рамонтна-рэстаўрацыйных працаў. Спачатку замянілі дах, які некалькі гадоў таму сарвала моцным ветрам. Пачала зацякаць вада, што было вельмі небяспечна. У цяперашні час рамантуюцца фасады. Падчас рамонту выкарыстоўваюць будаўнічыя сумесі па старадаўніх тэхналогіях, без кроплі цэменту, які перашкаджае сценам “дыхаць” і праз пэўны час прыводзіць да іх разбурэння. З дапамогай спецыялістаў удалося дакладна ўстанавіць арыгінальны колер (за ўвесь час касцёл фарбавалі восем разоў - ён быў і яскрава-жоўтым, і нават ружовым). Цяпер асноўны фон будынка - бэжавы, як было адразу пасля ўзвядзення. Ёсць планы адрамантаваць гадзіннік на вежы, старажытны арган, і ўвогуле- аднавіць увесь кляштарны комплекс.

У кастрычніку 2007г. стартавала цікавая акцыя ” Сем цудаў Міншчыны”. На разгляд наведвальнікаў Інтэрнэт-сайта, які быў спецыяльна створаны, было прапанавана 46 найбольш значных помнікаў архітэктуры, археалогіі і культуры цэнтральнага рэгіёна. Акцыя выклікала вялікую цікавасць не толькі ў жыхароў Мінскай вобласці, але і за мяжой Беларусі. Сярод лідараў былі палацава-паркавы ансамбль Радзівілаў і Фарны касцёл у Нясвіжы, Васкрасенскі сабор у Барысаве, касцёл Уздвіжання Святога Крыжа ў Вілейцы і інш.. Аднак па выніках галасавання пераможцам стаў Будслаўскі касцёл Узнясення Найсвяцейшай Панны Марыі, у падтрымку якога выказаліся больш чым 15,5 тысяч наведвальнікаў сайта. Гэта яшчэ раз пацвердзіла, што Будслаўскі касцёл – адзін з сапраўдных сімвалаў Беларусі, галоўны паломніцкі цэнтр, куды штогод прыбываюць дзесяткі тысяч пілігрымаў, каб памаліцца перад цудадзейным абразом Маці Божай Будслаўскай.

Малітва да Маці Божай Будслаўскай:

Маці Божая Будслаўская, наша Пані і Каралева, мы, Твае падданыя, схіляючы пакорна перад Табою галовы, абяцаем, што заўсёды і ўсюды будзем вернымі Богу, Сыну Твайму, нашаму Збаўцы, вернымі Табе і Касцёлу. З бязмежным даверам аддаем Табе ў апеку нас саміх, нашыя сем’і, нашыя парафіі, нашыя дыяцэзіі, наш Касцёл на Беларусі. Аддаем Табе ў апеку нашых дзяцей, нашу моладзь, дарослых, а асабліва хворых, церпячых, слабых, самотных, старых, пакінутых, сірот і ўсіх, каму патрэбныя дапамога, падтрымка і абарона.